Гісторыя стварэння музея
Бываюць у жыцці такія ўрокі
Галоўнай задачай на кожным уроку было папаўненне слоўнікавага запасу дзяцей, прывіццё ім любові да мастацкага слова, узбагачэнне ведаў тым матэрыялам, што дае нам мастацкая літаратура, навучэнне вершаскладанню і гэтак далей. Безумоўна, такая работа цікавіць вучняў. Але хацелася чагосьці яшчэ. Нейкага пошуку.
І вось пачула ад кагосьці, што па нарысе ўрок цікавы нельга стварыць. Так, нельга, калі не аздобіць яго, не праявіць самому цікавасці да гісторыі і культуры сваіх продкаў.
Рашэнне стварыць куток “Спадчына” прыйшло незадоўга да правядзення ўрока па твору У. К. Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”.
Матэрыялы да ўрока пачалі збіраць загадзя. Цікавіліся энцыклапедычнымі даведнікамі і іншымі кнігамі, у якіх расказваецца пра быт і культуру беларускага народа, беларускіх сялян. Наведалі музей народнай творчасці ў Раўбічах, сабралі шмат рэчаў і прылад працы для стварэння кутка “Беларускі побыт”. І нарэште ўрок. Урок-свята па нарысе У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”.
Захапіліся ўсе вучні, таму і слухачоў на ўроку было мала. Амаль усе – удзельнікі. Колькі захаплення, зацікаўленасці. Гэта і дало штуршок для стварэння музея. Спачатку быў куток, затым пакой, які перарос у музей...Тут і прылады працы, і прыгожыя вырабы: ступа- першы экспанат нашага музея, прывезены вучнем з вёскі Стараселле Ляхавіцкага раёна, канапа, калаўроты, верацёны, берды і іншыя прыклады для ткацтва, кашулі, фартух, камізэлька, паясы, андарак, лапці, саламяны брыль... Здаецца, зазірнулі мы ў той час, калі жылі нашы продкі.
Галоўнае – пачаць справу, а не толькі марыць і планаваць, кожную частку справы даводзіць да канца. А тое, што добра атрымліваецца, працягваць з новымі гурткоўцамі. Тыя дзеці, з якімі я пачынала ствараць музейны куток, зараз дарослыя. Думка мая узнікла стыхійна, але я знайшла сабе падтрымку сярод сваіх вучняў, таму ў мяне да іх асаблівая павага. Ніхто не мог прадбачыць тады, што этнаграфічны куток перарасце ў музей. І зараз мае вучні разам са мной ганарацца сваім стварэннем.
Спачатку былі проста заданні. Галоўным вобразам экспазіцыйныя. Сабраць экспанаты і аформіць куток. З`явіліся першыя ўнікальныя экспанаты. У пошукі ўключыліся настаўнікі, бацькі. Пашукова-збіральная работа закіпела. Але самая важная ўмова стварэння работы ў музеі – наяўнасць энтузіястаў.
За час існавання нашага музея вызначыліся асноўныя формы работы, якія дазволілі абазначыць яго як школьны краязнаучы музей.
Кіраунік гуртка “Спадчына”